Статкевіч і Няпомняшчых: «Каб атрымаць аднаго кандыдата пратэсту, давялося вылучаць 30»

Мікола Статкевіч перад ЦВК, 15 траўня 2020 г.
  • На фота: Мікола Статкевіч перад ЦВК, 15 траўня 2020 г.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч задумаў на выбары-2020 стратэгію «кандыдатаў пратэсту»: ён і тры дзясяткі ягоных паплечнікаў заявілі, што скарыстаюць этап збору подпісаў для агітацыі, але станавіцца кандыдатамі ня будуць. Адхілілі ўсе заявы ўдзельнікаў гэтай групы акрамя адной — Уладзімера Няпомняшчых.

Шэраг «кандыдатаў пратэсту» зьбіраўся абскарджваць адмову ў Вярхоўным судзе, ды актывістаў затрымалі, будуць судзіць. У чым іх вінавацяць, на момант публікацыі невядома. Вярхоўны суд пазьней завочна адмовіў «кандыдатам пратэсту» ў іхных скаргах і стаў на бок ЦВК.

Няпомняшчых думаў, што зарэгіструюць усіх «кандыдатаў пратэсту», але «давядзецца аднаму ваяваць​»

Уладзімер Няпомняшчых — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але ідзе на выбары не ад партыі, а як «кандыдат пратэсту». Яму 67 гадоў, цяпер ён пэнсіянэр, жыве ў Гомлі. У мінулым опэрупаўнаважаны, працаваў у міліцыі да 1992 году, пасьля выхаду на пэнсію займаўся прадпрымальніцтвам. З 2000-х Уладзімер Няпомняшчых стаў палітычным актывістам, яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі за акцыі пратэсту.​ У 2019 годзе быў кандыдатам на парлямэнцкіх выбарах. Ягоны выступ не пусьцілі ў эфір, але на дэбатах расказаў ён пра імпічмэнт.

«Канешне, калі я ў нечым нязгодны, я буду сваю думку выказваць, але ў прынцыпе я буду прытрымлівацца ягонай стратэгіі, — патлумачыў Няпомняшчых. — Гэта ня значыць, што калі ён скажа нешта незаконнае рабіць, то я так зраблю, самі разумееце. А ў межах закону, у межах Канстытуцыі я буду рабіць тое, што мне параяць».

Ён кажа, што не чакаў такога, што з «кандыдатаў пратэсту» зарэгіструюць толькі ягоную групу — думаў, зарэгіструюць усе, бо «Лукашэнку наадварот выгадна паказаць, якая ў нас „дэмакратыя“». Ды «атрымалася што атрымалася — давядзецца аднаму ваяваць».

З Аб’яднанай грамадзянскай партыяй адносна такога ягонага ўдзелу ў выбарах не было праблемаў — маўляў, «усё нармальна, усё цудоўна» (раней у АГП казалі Свабодзе тое самае). Тое, што лідэр партыі Мікалай Казлоў таксама зарэгістраваў ініцыятыўную групу і анансаваў стратэгію, падобную да «кандыдатаў пратэсту», кажа Няпомняшчых, «значыць, што мы ў адной камандзе».

Статкевіч: «Масай узялі — адзін прарваўся»

Як расказаў Мікола Статкевіч Свабодзе, усё ідзе паводле пляну.

«Нам было дастаткова і аднаго кандыдата, — кажа Статкевіч. — Але каб атрымаць аднаго кандыдата, прыйшлося вылучаць трыццаць.

Мы ведаем, што Лукашэнка ў свой выбарчы баляганчык цяпер пускае нават на пачатковым пэрыядзе толькі тых, каго ён бачыць, што можа скарыстаць як блазнаў. Мы разумелі, што будуць „рэзаць“, таму масай узялі — адзін прарваўся.

Нам дастаткова. Сябры ініцыятыўнай групы маюць права па ўсёй Беларусі, акрамя забароненых месцаў, якіх няшмат, зьбіраць подпісы і ставіць пікеты. А на гэтыя пікеты маюць права прыходзіць людзі, размаўляць і задаваць пытаньні. І пазыцыю кандыдата трэба абазначыць на стэндах, а каб адказваць на пытаньні людзей, можна паставіць і тэхніку. Мы гэта ўжо паказвалі восеньню на парлямэнцкіх выбарах».

Першы вялікі пікет Статкевіч і Няпомняшчых плянуюць правесьці ў 12.00 24 траўня ў Менску, на пляцоўцы ля Камароўскага рынку з боку вуліцы Харужай.

Раней ён ня чуў пра тое, што падобную да той стратэгію — кампанію «За Беларусь без дыктатуры» — прынялі ўдзельнікі праймэрыз Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Вольга Кавалькова (сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі) і Мікалай Казлоў (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

Іхную ідэю Статкевіч пахваліў — маўляў, «нарэшце паразумнелі», і «калі будуць нармальнымі кандыдатамі пратэсту», будзе зь імі супрацоўнічаць, у тым ліку гатовы і даць слова на першым пікеце на Камароўцы.

Яромошыну раздражняла

Наконт «кандыдатаў пратэсту» старышня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адзначыла 19 траўня: магчыма, чальцы іхных ініцыятыўных групаў давалі згоду камусьці з трох дзясяткаў патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся зьвесткамі людзей бязь іхнай згоды і не інфармавалі іх пра ўключэньне ў свае ініцыятыўныя групы.

Ярмошына дадала, што праца ЦВК праз «кандыдатаў пратэсту» была цяжкай — параўнала яе з працай мэдыкаў у «чумным бараку».​ Яна заявіла, што ў ЦВК нават прыходзіла жанчына, хворая на каранавірус, «хацела плюнуць у маю прыёмную», а галоўнага юрыста «назвала кантактам першага ўзроўню, каб вывесьці з працаздольнага стану ўвесь апарат».

Гэтак яна адказала на заўвагу аб тым, што ніхто на паседжаньні ЦВК ня носіць масак. Заўвагу зрабіла Марына Адамовіч — «кандыдатка пратэсту» і жонка Міколы Статкевіча. Адамовіч расказала, што Ярмошына казала, імаверна, пра «кандыдатку пратэсту», гомельскую фэльчарку «хуткай» Алену Давыдаву.

Давыдавай сапраўды казалі пра станоўчы вынік тэсту на каранавірус, але вечарам наступнага дня пасьля таго, як яна падала заяву ў ЦВК. Сама Давыдава расказала Свабодзе, што «Ярмошыну ў вочы ня бачыла». Адамовіч жа пацьвердзіла Свабодзе, што ў Давыдавай не было шанцаў пабачыць Ярмошыну, бо заяву кандыдаты падаюць ня ёй, а двум іншым супрацоўнікам ЦВК, ды й Давыдава падчас падачы заявы была ў масцы.

statkevich.org

print

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *